Выйшла кніга-эксперымент з беларускімі замовамі
«Ласачка босачка» — вынік калектыўнага эксперыменту з замоўнымі тэкстамі прабабулі аўтара, якія 20 гадоў захоўваліся ў нататніку яго цёткі ў Маскве, але нарэшце яна імі падзяліліся. Уле падалося цікавым асучасніць замовы, вакол якіх традыцыйна ёсць флёр недакранальнасці, сакральнасці. І вось 15 аўтара:к збіраліся ў зуме, каб чытаць замоўныя тэксты, напаўняючы іх эмоцыямі і патрэбамі сучаснага чалавека.
Замовіць кніжку можна ў Беларусі і за мяжой (карыстайцеся адпаведнымі спасылкамі). Пад вокладкай акрамя замоўных тэкстаў змешчаныя тры асабістыя Улавы эсэ: пра ўласна эксперымент, пра ідэю прызначэння, пра савецкі ўплыў на вёску, дзе жыла прабабуля Маня. Урывак з апошняга — ніжэй.
***
за рухаўскімі могілкамі ляжыць вялікае возера. у тым возеры купаліся мае продкі а зь імі й мой бацька. у ім водзіцца карп і шчупак. таго шчупака тата дзіцём лавіў зь сябрамі ў лодцы свайго дзядзькі. лодка стаяла там прывязаная гадамі пакуль ейныя дошкі зусім не прагнілі ў чыстай вадзе.з таго возера выцякае малая крынічка. крынічка тая шырыцца на поўдні й пераходзіць у буйны слаўкавіцкі канал. той канал быў выграбены падчас міліярацыі камуністамі ды ўпадае ў рэчку арэсу. а на рэчцы на арэсе сталася прыгода. ідзе наступ на балота. з поўначы. з усходу. арэса з старажытнабалцкай перакладаецца як плыткая і ўпадае ў пціч. а тая ўжо ў прыпяць. прыпяць у дняпро. а тое ў чорнае мора.
рухаўскія грунтовыя воды нясуць з сабой у далёкае мора пах плястыкавых лілій што мая сям’я ўтыкае ў зямлю скурчыўшыся над ёй год за годам. разам зь імі плывуць і кропельнічныя рыбкі з савецкіх бальніц. плястыкавыя акуні й карпы з дома майго дзеда сашы павольна прасоўваюцца ў яе плынях. вада цягне з сабой памяць пра ўсё што трапіла ў яе хвалі. прымаць наступствы аднак ня значыць патураць злачынствам.
калі ваду выганялі асушваючы балоты яна рэціравалася й зварачалася патопамі. калі яе рэчышчы зьмянялі яна выгіналася й драбнілася каб схавацца. калі яе труцілі хімікатамі яна помсьціла радыёактыўным дажджом.
— ды як жа так?
працуй. працуй.
адно багно.
у дрыгве начуй.
ні табе сон.
ні ў час яда.
сячэ камар.
сьмярдзіць вада.
сьмярдзіць вада. злоўленая між двух берагоў. абсечаная чалавекам будучыні. уладаром пратэзаў і вялікіх мар. непамерныя імпэты й рэсурсная лёгіка шырыцца на палітычных апанентаў і апанентак. на людзей у крызысе бяздомнасьці. на тых хто выходзіць за межы наказанага полам гендару. на мігрантаў і мігрантак. на людзей з асаблівасьцямі псыхічнага здароўя. на сэкс працаўнікоў і працаўніц. на квіроў. на ваду й паветра. за непадкантрольнасьць. адзіноту. незалежнасьць. вада палохае вялікіх начальнікаў зь вялікімі плянамі. сілу яе руху спрабуюць замоўкнуць. так. яе таксама прыгнятаюць. тых хто флюідны й незалежны бясконца хочацца правучыць. за непадобнасьць і непадкантрольнасьць. мы з вадой маргіналы.
горад. пісьмо. мужчынская гендарная сацыялізацыя. мне забаронена суадносіць сябе з ракой. але я памятаю як хвалі сьвіслачы ратавалі мяне ад думак пра маё цела. памятаю хвалі што супакойвалі мой розум пакуль пальцы сьціскалі.
Знайшлі памылку? Ctrl+Enter