Hip.media не адкрываецца ў Беларусі

Старонкі hip.media перасталі загружацца ў нашай роднай краіне. 

Прычыну блока мы не ведаем. Каманда «ДазХіп» не атрымлівала з гэтай нагоды ніякіх паведамленняў або папярэджанняў. Мы не знаходзім сваіх матэрыялаў у якіх-небудзь афіцыйных спісах. Аднак лічым патрэбным загадзя нагадаць пра лічбавую бяспеку. Калі ты знаходзішся ў Беларусі, вельмі раім скарыстацца карыснымі падказкамі @cyberbeaver_help.

Некаторыя матэрыялы ў Беларусі могуць прызнавацца непажаданымі.

Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за распаўсюд і захоўванне матэрыялаў, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі». Спіс такіх матэрыялаў папаўняецца даволі часта. Гэта могуць быць артыкулы на самыя розныя адчувальныя тэмы, у тым ліку на тэмы, якія датычацца ЛГБТК+.
 
Рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у асабістых сацсетках або пабліках лічыцца распаўсюджваннем. Перасылка сябрам (напрыклад, у чаты ў мэсэнджарах) – гэта таксама распаўсюд.
 
За чытанне любых матэрыялаў адказнасці фармальна няма. За лайкі і каментары – калі яны не былі абразлівымі – адказнасці няма. За падпіску ў сацсетках – таксама (аднак былі кейсы, калі падпіска на тэлеграм «экстрэмісцкага СМІ» расцэньвалася як захоўванне).
 

Як чытаць і глядзець нас далей?

 
Для чытання сайта спатрэбіцца VPN.
 
Правераныя сэрвісы:
  • NordVPN
  • SaferVPN
  • ExpressVPN
  • Psiphon
  • TunnelBear
  • Private Internet Access
  • Surfshark
  • UltraSurf
Важна: не будзе залішнім час ад часу чысціць кэш браўзера – можна наладзіць яго аўтаматычную ачыстку. Бяспечна сёрфіць можна таксама ў рэжыме «інкогніта» – гэтыя прагляды не застаюцца ў гісторыі браўзера.
 

Лайкаць ці не?

За падпіску, лайкі і каментары неабразлівага характару фармальна адказнасці не прадугледжана. Аднак лайкі і каментары могуць прыцягваць да сябе ўвагу.
 
Што яшчэ важна: яны захоўваюцца ў архіве актыўнасці ў тваіх сацсетках. Калі табе давядзецца даць камусьці доступ, то яны будуць заўважаныя. Мы не раім пакідаць лайкі пад пастамі на адчувальныя тэмы.
 

Як бяспечна дзяліцца кантэнтам?

У Беларусі пераследуюць за рэпост з «экстрэмісцкіх» медыя. «ДазХіп» такім не з'яўляецца.
 
Аднак усё роўна нагадваем, што больш бяспечна перасылаць адчувальную інфармацыю скрыншотамі, абразаючы пазнаку крыніцы, або капіраваць тэкст без спасылкі. І лепш рэгулярна чысціць свае чаты. Можна наладзіць аўтаматычную ачыстку.
 

Застаёмся на сувязі!

На «ДазХіп» не выходзіць нічога, што парушала б законы Беларусі. І нам важна заставацца на сувязі з нашымі чытач_камі і распавядаць ім важныя гісторыі. Аднак ніякі лайк не каштуе чыёйсьці бяспекі. Павер, мы адчуем тваю любоў і без лайкаў.
 
Мы абавязкова напішам, калі з'явяцца нейкія навіны. А пакуль – чытай нас у Instagram, глядзі ў TikTok, паказвай сябрам-сяброўкам на кухні. Будзем рады, калі вы разам пасмяецеся ці даведаецеся нешта новае, карыснае, класнае.
 
Твой «ДазХіп».
Знайшлі памылку? Ctrl+Enter