Запускаецца беларускае медыя пра гендар і сэксуальнасць

На черно-белом фото изображены окна здания в стиле советского брутализма похожее на кукурузу. По-центру надпись «Мы». На стенах под окнами нарисованы граффити в виде сердце, слово «квир» и «кусь за Беларусь», 3%.

Калаж на аснове фота Brutmaps. «Кукуруза-3», вул. Веры Харужай 18, г. Мінск

Вітанкі! Тут вось якая навіна: запускаецца новае медыя пра гендар і сэксуальнасць — «ДазХіп». Гэта новая пляцоўка для акумуляцыі ведаў, правоў, магчымасцяў ЛГБТК+ людзей у Беларусі і за яе межамі.

Чаму цяпер?

«ДазХіп» з'явіўся ў адказ на цішыню, якая, як нам здаецца, усё больш шчыльным воблакам ахутвае ЛГБТК+ людзей з Беларусі. Хтосьці скажа: цяпер ёсць праблемы больш важныя. Спрачацца не станем. Аднак нас турбуе сітуацыя, у якой ЛГБТК+ людзі зноў становяцца нябачныя ў гістарычным пейзажы, а іх унёсак у любыя змены размываецца, быццам яго і няма.

Мы не ігнаруем выклікі апошніх гадоў, а, наадварот, пільна ўглядаемся ў трывожную будучыню. Рэпрэсіі, міграцыя, вайна — усё гэта адбываецца ў тым ліку з ЛГБТК+ людзьмі. Іх досвед не менш важны, чым досвед гетэранарматыўных персон, а часцяком мае сваю (і зусім не станоўчую) спецыфіку. Таму мы хацелі б агучваць важныя гісторыі, каб яны былі кропкай апоры ў моманце, а глабальна, цалкам верагодна, запускалі той эфект матылька, што патрэбны для справядлівых зменаў.

Пра што гэта ўсё?

На «ДазХіп» будуць выходзіць важныя, карысныя і цікавыя матэрыялы пра людзей ЛГБТК+. У першую чаргу мы канцэнтруемся на падзеях, якія адбываюцца цяпер і могуць паўплываць на будучыню; героях, якія даюць падставы для глыбокіх разважанняў; з'явах, якія хочацца апісаць і як след зразумець, каб мацней зацэментаваць іх у падмурак агульнай рэальнасці.

У нас ёсць агульныя базавыя прынцыпы, аднак нават унутры каманды мы розныя і разумеем, што людзі, якія адносяць сябе да кам'юніці ЛГБТК+, жывуць вельмі розныя жыцці і маюць розныя каштоўнасці. Таму на «ДазХіп» будуць выходзіць як тыя матэрыялы, што аб'ядноўваюць нашы атамізаваныя энергіі ў нешта больш магутнае, так і тыя, што выклікаюць дыскусіі і дазваляюць выйсці з камфортнай бурбалкі ўласнай думкі.

Нам цікава ўсё, што хаваецца за спалучэннем літар «ЛГБТК+ Беларусі». Хоць, вядома, не ўсё з гэтага мы палічым патрэбным апублікаваць.

Што ў планах?

Мы цікаўныя, уважлівыя і досыць эмпатычныя для таго, каб змяняцца з аглядкай на патрэбы нашай аўдыторыі. Мы не ігнаруем вопыт медыя, якія былі да нас, але разам з тым мы захопленыя магчымасцямі новых фарматаў і хацелі б спрабаваць рознае.

Мы адкрытыя да любога кшталту супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. Калі ты маеш патрэбу ў нашай пляцоўцы як аўтар_ка, актывіст_ка, фатограф_ка, ілюстратар_ка або ў нейкай іншай ролі — не трэба саромецца.


Як з намі звязацца?

Пошта: [email protected] 

Cацыяльныя сеткі: ТікТокІнстаграмТэлеграм

Знайшлі памылку? Ctrl+Enter