Запусціўся краўдфандынг на квір-альбом CHORNABROVA

Электра-фольк-гурт шукае грошы на англамоўны квір-альбом «COMA». Гэта будзе борзы бісэксуальны беларускі поп.


23-02-2024, 20:20

У склад CHORNABROVA уваходзяць: Паліна Дабравольская, Кацпер Словік-Дабравольская, Вольга Піпчанка. Паліна і Кацпер ажаніліся год таму ў Польшчы, з большага яны карыстаюцца жаночымі канчаткамі, бо так ім «больш прыемна выжываць у гэтым патрыярхальным свеце», а з небінарнасцю ў беларускай і польскай мовах усё складана.

Артыст_кі запісваюцца без прадусарскай падтрымкі, таму зараз шукаюць € 2000 на вытворчасць, мастэрынг, аплату працы каманды і стварэнне візуальных эфектаў для кліпаў. Уласна пра альбом вядома, што ён складаецца з гісторый ад імя штучнага інтэлекту Coma. Кома існуе за гранню традыцыйнай цялеснасці і досведу. Яна занураецца ў тэмы чалавека і чалавечнасці, палітыкі, капіталізму, міграцыі, Зямлі, экалогіі і сутнасці быцця. Кожны трэк — гэта гісторыя пра стаўленне Coma да чалавечага свету, нізка трэкай аб’яднаная агульнай драматургіяй. Калі слухаць трэкі па парадку, можна назіраць, як мяняецца Coma і свет вакол яе.

Збор сродкаў запусцілі на платформе Indiegogo. На сайце можна зрабіць перадзамову ад € 10 да 1000 еўра альбо заданаціць любую суму. Спонсарам прапануюць унікальныя падарункі: CD-дыск, налепкі, фотакарткі, шопер, уключэнне імя у спіс стваральні_ц на дыску, пісьмовая падзяка і анлайн-сустрэча з Палінай.

ДазХіп крыху распытаў Паліну пра яе B-pop і пра яе ідэнтычнасці:  

— Я актрыса і тэатральная рэжысёрка. Пачала сваю кар'еру як CHORNABROVA у 2021 годзе і з таго часу заўседы ў пошуку: пішу для сябе і для сваіх людзей, для тых, хто таксама любіць рэфлексаваць, задумваючыся аб людзях і тым, што вакол нас. Зараз я выпускаю свой трэці альбом. Гэта мой першы англамоўны альбом, і першы, які мы ствараем разам з жонкай. Тут можна пачуць новую мяне, іншую, але адначасова такую ж, як і раней. Музыку да гэтага альбома пісалі Кацпер. Над тэкстамі працавалі разам, але з большага я была аўтаркай ідэяў песень і мелодый свайго голасу ўнутры.

Першапачаткова маю творчасць характарызавалі як альтэрнатыўны хіп-хоп з фальклорам, хтосьці кажа, што гэта дарк-хоп, хтосьці — тэатральны рэп. Я вырашыла аб'яднаць усё пад назвай B-pop. Б — беларускі, бісэксуальны, борзы, безкампрамісны. Па-першае, дзякуй, канешне, Алёне Ланской, якая ў нейкім прапагандысцкім інтэрв'ю казала пра К-поп тыпу: «Няўжо мы не можам стварыць наш, беларускі К-поп? Б-поп? Ён будзе не горшы!» (Толькі яна, канешне, не размаўляе па-беларуску, таму гэта не дакладная яе цытата.) І вось я прыйшла да той жа думкі. Але мой поінт не ад зайздрасці, але ад любові. Я сапраўды натхняюся адным з К-поп бэндаў — Stray Kids. Яны робяць несамавіты прадукт. І, дарэчы, у некаторых інтэрв'ю іх называлі Straight Kids, але яны заўсёды выпраўлялі: «We're not STRAIGHT!»

Па-другое, мая бісэксуальнасць заўсёды праяўлялася ў маім стылі: тым, што я абіраю, што слухаю, на што звяртаю ўвагу. Гэта заўсёды было штосьці паміж. Тое, што мне падабаецца — не толькі ў людзях, але і ў рэчах, у тэатры, у музыцы — гэта заўсёды нешта на мяжы гендарнасці, нават па-за гендарам. Таму я безумоўна закахалася ў Кацпера, бо яны — тое, што я не магла знайсці ані ў воднай асобе, з якой мела стасункі. І гэта тое, што я называю чалавекам-сусветам. Нам вельмі камфортна не толькі жыць, але і працаваць разам. Я думаю, у новым альбоме будзе адчувацца нашае спалучэнне. Там столькі ўсяго! Сапраўды па-за межамі межаў, па-за межамі жанраў, але і адначасова даволі канкрэтнае спалучэнне. Карацей, Бі-поп!

Падтрымаць альбом CHORNABROVA 

Знайшлі памылку? Ctrl+Enter