Кодэкс паводзінаў
Усе ўдзельні_цы праекта «ДазХіп» павінны выконваць наш Кодэкс, як у анлайне, так і падчас афлайн-імпрэзаў, якія ладзяцца і/ці звязаныя з «ДазХіп».
Нашы абавязкі
У інтарэсах стварэння адкрытай і больш бяспечнай прасторы мы абавязваемся зрабіць удзел у нашым праекце і ў нашай супольнасці свабодным ад прыгнёту для ўсіх, незалежна ад узросту, знешнасці, памеру цела, інваліднасці, спосабаў самавыражэння, узроўню вопыту, нацыянальнасці, расы, рэлігіі, а таксама незалежна ад этнічнай, гендарнай і сэксуальнай ідэнтычнасці.
У сваёй працы мы прытрымліваемся наступных каштоўнасцяў:
- Справядлівасць: Для нас вельмі важныя дабрабыт, самастойнасць, годнасць, а таксама пашырэнне правоў і магчымасцяў людзей, на якіх мы працуем і з якімі працуем. На ўсіх нашых імпрэзах мы імкнёмся ствараць бяспечную і паважлівую прастору, дзе людзі могуць аб'яднаць асабістае і палітычнае і адчуваць сябе патрэбнымі і жаданымі.
- Правы чалавека - гэта асноватворны дыскурс, у рамках якога вядзецца наша праца. Наша разуменне правоў чалавека з'яўляецца крытычным, экалагічным, інтэрсекцыйным і фемінісцкім; гэта выходзіць за рамкі разумення правоў чалавека так, як яны падаюцца ў розных заканадаўчых дакументах (напрыклад, міжнародных дэкларацыях). Мы лічым, што вызваленчы патэнцыял правоў чалавека палягае ў іх прысваенні.
- Фемінізм і Інтэрсекцыйнасць: Мы прытрымліваемся фемінісцкага і інтэрсекцыянальнага падыходаў як асновы падчас правядзення нашых мерапрыемстваў. Мы імкнёмся прапускаць нашы ідэі скрозь прызму, якая дапамагае зрабіць бачнымі розныя пласты структурнай і дыскурсіўнай дыскрымінацыі, заснаванай на гендарнай і сэксуальнай ідэнтычнасці, расе, этнічнай ідэнтычнасці, культуры, інваліднасці, узросце, мове, геаграфіі ці сацыяльна-эканамічным статусе.
- Інклюзія і Даступнасць: Даступнасць павінна забяспечвацца калектыўнай адказнасцю, замест таго каб за яе адказвалі адна-дзве персоны. Усе мы нясём адказнасць за тое, каб дапамагаць ствараць даступныя прасторы і супольнасці. Мы хочам жыць у свеце, дзе даступнасць будзе адным з асноўных элементаў нашага вызвалення.
- Беларуская мова: Для нашай каманды ёсць каштоўнасцю захаванне і прасоўванне беларускай мовы, якую ў Беларусі відавочна прыгнятаюць: у сітуацыі фармальнага раўнапраўя дзвюх моў руская, усім вядома, дамінуе. Мы будзем імкнуцца выкарыстоўваць беларускую мову на ўсіх нашых анлайн-платформах і ў графічных інтэрфейсах мерапрыемстваў. Матэрыялы будуць публікавацца і як на рускай, так і на беларускай мове.
- Супрацоўніцтва: Мы адданыя ўмацаванню салідарнасці, сувязяў, супрацоўніцтва і пачуццю агульнасці ў нашай прасторы. Мы імкнёмся да дэцэнтрацыі дыскурсаў, якія дамінуюць, і заахвочваем далучэнне альтэрнатыўных спосабаў вытворчасці і спажывання ведаў.
- Канфідэнцыяльнасць: Мы абавязуемся адказна ставіцца да ўсёй інфармацыі, якая да нас трапляе, і абараняць яе ад ненаўмыснага раскрыцця чужым асобам. Камунікацыя будзе ажыццяўляцца праз абароненыя каналы, якія працуюць на бясплатным праграмным забеспячэнні з адкрытым зыходным кодам. Выкарыстання камерцыйных прылад будзем па магчымасці пазбягаць, асабліва калі яны маюць гісторыю парушэння канфідэнцыйнасці сваіх карысталь_ніц.
- Адкрытасць: Мы імкнёмся быць цікаўнымі, інавацыйнымі, авантурнымі і вітаем рэфлексіўнае навучанне ў нашай індывідуальнай і калектыўнай працы.
Падтрымка Кодэкса і скаргі
Наяўнасць Кодэкса сама па сабе не ёсць гарантыяй. Любую палітыку трэба падтрымліваць пэўнымі практыкамі, а таксама абнаўляць. Хоць наша палітыка імкнецца быць усёабдымнай, яна ў той жа час ёсць працэсам, які пастаянна змяняецца. Кодэкс паводзінаў служыць кіраўніцтвам для нашых рашэнняў і дзеянняў, але не можа ахапіць усіх этычных пытанняў, з якімі мы сутыкаемся ў «ДазХіп». Удзельні_цы каманды «ДазХіп» могуць звярнуцца па параду, калі яны сутыкнуліся з сітуацыяй, у якой не ведаюць, як паводзіцца. Дыялог і абмеркаванне — важная частка падтрымання здаровай культуры ў камандзе «ДазХіп».
Карыстальні_цы сайта і ўдзельні_цы імпрэзаў «ДазХіп», трэнер_кі, кансультант_кі і іншыя зацікаўленыя бакі, якія сутыкнуліся з непажаданымі паводзінамі прадстаў_ніц «ДазХіп», могуць паведаміць пра такія паводзіны ў любой форме, як публічна, так і прыватна.
Каб дапамагчы нам вучыцца на нашых памылках і паляпшаць нашу працу, мы запрашаем падаваць скаргі на нашы імпрэзы ці ўдзель_ніц каманды і рабіць прапановы наконт паляпшэння працы.
Калі ласка, дашліце вашу скаргу (ці прапанову) па электроннай пошце ваш_ай знаём_ай ў «ДазХіп», дадаўшы ў копію [email protected]. Калі ў вас няма знаёмых у «ДазХіп» ці няма магчымасці да іх звярнуцца; або калі вы хочаце падаць агульную скаргу, можаце наўпрост пісаць на электронную пошту [email protected].
Вы таксама можаце апублікаваць сваю скаргу ці прапанову публічна і тэгнуць нас у сацыяльных сетках.
Наша каманда не будзе адказваць на скаргі, якія датычацца:
- «зваротнага расізму», «зваротнага сэксізму», «цысфобіі» і да т. п.;
- разумнага паведамлення пра асабістыя межы (напрыклад, «пакінь мяне ў спакоі», «сыходзь» ці «я не буду абмяркоўваць гэта з табой»);
- зносінаў у «тоне», які не здаецца вам блізкім па духу;
- крытыкі расісцкіх, сэксісцкіх, цысгетэрасэксісцкіх ці іншых прыгнятальных паводзінаў.
Дзякуй
Гэты Кодэкс быў адаптаваны з розных публічных дакументаў і кодэксаў такіх праектаў, як MAKEOUT, Hivos.org, Mama Cash, Front Line Defenders і RaReNet, Geek Feminism. Дзякуй ім за тое, што праклалі шлях.