Якое квір-кіно можна паглядзець на фестывалі «Фільма»?

Кадр з фільма «Квіры па-за законам»

Хіджры, духі бразільскага лесу, крымінальныя квіры і сатырычны пэчварк з Аўстраліі. Распавядаем, што квіровага можна паглядзець на сёлетнім украінскім фестывалі феміністычнага кіно «Фільма».


МП | 26-11-2024, 16:47

У праграме — 15 твораў, і ажно 8 з іх закранаюць квіровыя тэмы. Цудоўная магчымасць пашырыць уласнае ўяўленне пра кіно аб (і для) ЛГБТК+ людзей. Паглядзець стужкі (прынамсі тыя, пра якія мы раскажам) можна адкуль заўгодна і бясплатна. Яны будуць даступныя ў Сеціве да 8 снежня. 

Адна з праграм «Фільмы» — «Нерівні! Різні! Розлючені!» («Няроўныя! Розныя! Раз’юшаныя!») — цалкам прысвечаная квір-кэмпу. Тут сабраныя фільмы, якія падсвятляюць розныя напластаванні несправядлівасці, але падсвятляюць іх такім чынам, што прабірае ці то смех скрозь слёзы, ці то слёзы скрозь смех. У любым выпадку варта правесці пару вечароў з візуальным мастацтвам, якое кідае выклік сытай самаўпэўненсці мэйнстрымнага кіно, што па сёння адлюстроўвае ЛГБТК+ людзей даволі стэрэатыпна і аднабока. 

«Гоматопія» + «Квіры па-за законам»  

Рэжысёр_кі Крыс Варгас і Эрык Стэнлі бадзёра і энергічна крытыкуюць розныя аспекты гоманарматыўнасці, нагадваючы прывілеяваным ЛГБТК+ людзям, што не ўсе вакол іх цысгендэрныя і белыя. Да таго ж не ўсе яны любяць карпаратыўныя прайды і мараць ажаніцца, нарадзіць дзяцей і ўзяць іпатэку на дом з бялюткім штыкетнікам. У «Гоматопіі» гера_іні жывуць жыццё, у якім ёсць месца і гей-круізінгу ў публічнай прыбіральні, і сабатажу на гей-вяселлі. Сваім прыкладам яны дэманструюць, што метадаў барацьбы — вагон і каляска, абірай, што адгукаецца на твой боль.

У паўнаметражным сіквеле «Гоматопіі» — «Квіры па-за законам» — аўтар_кі працягваюць гнуць сваё і разам з Анджэлай Дэвіс выступаюць супраць турэмна-прамысловага комплексу, высмейваюць суды і НДА-ізацыю актывісцкага руху. Калі паважаеш кіно пра квіроў, якія не гатовыя да кампрамісаў і мысляць па максімуме, — гэта яно самае. Аматар_кам вылізанай нэтфліксаўскай карцінкі будзе млосна, і нікога гэта не турбуе.

«2 Spirit Dreamcatcher Dot Com» 

Гэта кароткаметражны фільм канадскага рэжысёра Тэа Джына Катгенда, які працуе над тэмамі сэксуальнасці і ідэнтычнасці з пункту гледжання прадстаўні_ц карэннага насельніцтва, каторыя традыцыйна называюць сябе «людзьмі з дзвюма душамі» (2SLGBTQI+). У рэчаіснасці «людзі з дзвюма душамі» могуць толькі марыць пра сайт знаёмстваў, дзе ўлічваліся б іх патрэбы і не дапускалася культурная апрапрыяцыя. У ролі рэкламнай спакусніцы (у яе буч-версіі) Тэа ляжыць на ложку ў чырвоным святле і запрашае ўсіх 2SLGBTQI+, хто жадаюць «замуціць або звіць гняздзечка». 

«Terror Nullius» 

Аўстралійскі дуэт Soda Jerk зрабіў вельмі смешны фільм на стыку палітычнай сатыры, экахорара і роўд-муві. Кіно сабралі з кадраў вядомых фільмаў, знятых у Аўстраліі і Новай Зеландыі («Шалёны Макс – 2», «Бандыты на роварах», «Кракадзіл Дандзі», «Піяніна» ды іншых). З іх пабудавалі цалкам новы сюжэт, дзе прыгнечаныя жывёлы і людзі выплюхваюць гнеў і помсцяць за усё, што з імі здарылася. Прылятае ўсім, хто стаіць на іх шляху — няхай то Мэл Гібсан, або кучка фанат_ак ангельскай каралевы. Нават калі ты не дужа разбіраешся ў аўстралійскім кіно, поп-культуры і парадку дня — усё роўна будзе складана стрымаць усмешку. Як напісал_і ў адным з водгукаў: «Сцэна, у якой Бабадук — гэта гей-ікона, а Кейт Бланшэт сядзіць у куце — гэта і ёсць кіно». І з гэтым складана не пагадзіцца.

+2

Фільм з экафеміністычнай праграмы «Уіра: адраджэнне лесу» Юліяны Куры зняты ў Бразіліі. У цэнтру ўвагі — небінарная транс-персона Эмерсон, артыстка і квір-экалагіня, якая пераўвасабляецца ў фантастычную сутнасць і перадае пасланні продкаў з лесу. Уіра запрашае маладых людзей на прыроду, дзе яны размалёўваюць сябе яркімі фарбамі, прыдумляюць касцюмы з падручных прыродных матэрыялаў, а таксама — абмяркоўваюць каланіялізм, інстытуцыянальны гвалт і эксплуатацыю. Уіра ўвасабляе тое, што Бразілія год за годам імкнецца знішчыць: транс-людзей, карэнныя народы, навакольнае асяроддзе. Цікавы фільм, які дазваляе паглядзець на розныя праблемы ў іх перакрыжаванні і на тое, як барацьба за адну ідэю мацуе цябе ў барацьбе за іншыя. 

Яшчэ адзін фільм, які не варта прапусціць, — «Транс Кашмір» Сурбхі Дэван і С. І. Ханана. Гэта дакументальная гісторыя пра транс-жанчын (хіджраў) у паўднёваазіяцкім рэгіёне Кашмір. Раней яны маглі пракарміцца, працуючы свахамі ці артысткамі. Але праз розныя сацыяльна-палітычныя механізмы гэтыя людзі зараз з'яўляюцца адной з самых уразлівых груп у свеце. Аўтар_кі фільма знаёмяць нас з некалькімі прадстаўні_цамі супольнасці, даюць магчымасць паслухаць іх думкі, атрымаць асалоду ад іх творчасці, адчуць моц у адстойванні сябе, даведацца пра іх страхі і надзеі. «Транс Кашмір» дазваляе судатыкнуцца са светам, дзе транс-досвед — частка традыцыі, але нават гэта не ратуе людзей ад пераследу, пагарды ці наўмыснага ігнаравання. 


Кіно на фестывалі «Фільма» можна глядзець анлайн з розных частак свету. Фільмы транслююцца на мовах арыгінала з украінскімі і англійскімі субтытрамі. «Квіры па-за законам» і «2 Spirit Dreamcatcher Dot Com» маюць аўдыядэскрыпцыі.

Падчас фэста ладзяцца тэматычныя дыскусіі — сачыць за анонсамі зручна праз інстаграм або фэйсбук фестывалю


Знайшлі памылку? Ctrl+Enter