ЛГБТК+: усё, што трэба ведаць пра абрэвіятуру

Абрэвіятура ЛГБТ выкарыстоўваецца з 1990-х, але паступова яна пашырылася да ЛГБТК+. Адкуль узялася «К» і хто хаваецца за плюсам? Чаму іншы раз сустракаюцца даўжэйшыя варыянты? Давай разбірацца.

Множнасць літар у скарачэнні ЛГБТК+ адлюстроўвае множнасць людзей, якія выходзяць за рамкі нарматыўнай гетэрасэксуальнай ідэнтычнасці. У розных крыніцах можна сустрэць і абрэвіятуры ЛГБТ+, ЛГБТКІАП, ЛГБТКІАПП+ ды іншыя, аднак найбольш ужывальнай зараз з’яўляецца ЛГБТК+.

Спачатку трэба развесці па розных баках паняцці «гендарная ідэнтычнасць» і «сэксуальная ідэнтычнасць», бо ЛГБТК+ — гэта зусім не пра тое, «хто з кім спіць».

Гендарная ідэнтычнасць

Гендарная ідэнтычнасць — гэта ўнутранае самаадчуванне чалавека як прадстаўні_цы таго ці іншага гендара. Тут вельмі важная часцінка «сама-», бо перадусім прынцыпова, як чалавек ідэнтыфікуе сябе сам_а. Гендарная ідэнтычнасць часам супадае з палавымі прыкметамі, якія былі прыпісаныя чалавеку пры нараджэнні, а часам — не. Персона можа адчуваць сябе мужчынам ці жанчынай або зусім не суадносіць сябе з якім-небудзь полам.

Распаўсюджаныя гендарныя ідэнтычнасці:

  • Цысгендарны мужчына / цысгендарная жанчына — людзі, чыя гендарная ідэнтычнасць супадае з полам, што ім прыпісалі пры нараджэнні.
  • Трансгендарныя жанчыны — людзі з жаночай гендарнай ідэнтычнасцю, пол якім пры нараджэнні быў прыпісаны мужчынскім.
  • Трансгендарныя мужчыны — людзі з мужчынскай гендарнай ідэнтычнасцю, пол якім пры нараджэнні быў прыпісаны жаночым.
  • Небінарныя людзі / гендарквір — людзі, якія не ўспрымаюць сваю гендарную ідэнтычнасць у рамках палавога падзелу на жанчын і мужчын. Сярод гендарквір таксама ёсць свае драбнейшыя падзелы: на агендар_ак, бігендэр_ак, гендэрфлюід_ак, андрагін_ак і гэтак далей. Спектр вельмі шырокі і разнастайны, як наш сусвет.
  • Інтэрсэксуальныя людзі — тыя, хто нараджаецца з множнымі палавымі прыкметамі, як жаночымі, так і мужчынскімі.
 

Калі ты не ўпэўнен_ая ў тым, як ідэнтыфікуе сябе чалавек, тактоўна ўдакладні, каб выкарыстоўваць слушныя займеннікі. Небінарныя персоны могуць казаць пра сябе «яны/ім/іх» (they/them), часам — «ён» ці «яна», а можа, і неяк яшчэ. У любым выпадку не рабі вывадаў інтуітыўна ці на вока — спытай.

Сэксуальная ідэнтычнасць

Сэксуальная ідэнтычнасць адказвае за тое, які пол ці гендар прыцягвае чалавека рамантычна, сэксуальна і эмацыйна. Колькі сэксуальных арыентацыяў існуе на планеце — ніхто дакладна не адкажа. У некаторых крыніцах пішуць пра 46, у іншых — 19, дзесьці — куды менш. Усё таму, што сэксуальная арыентацыя вызначаецца вельмі індывідуальна. Аднак яе намацоўванне дапамагае чалавеку зарыентавацца ва ўласных адчуваннях пры пошуку партнёр_кі. Напрыклад, у дадатку для знаёмстваў Field можна абраць з 20 ідэнтычнасцяў, а ў Tinder — з 9. Натуральна, можна націснуць адразу на некалькі варыянтаў, каб ахапіць свой сэксуальны дыяпазон ці зазірнуць яшчэ шырэй.

Трохі пра распаўсюджаныя сэксуальныя ідэнтычнасці:

  • Лесбіянка — гэта жанчына, якую прыцягваюць жынчыны.
  • Гей — мужчына, якога прыцягваюць мужчыны.
  • Бісэксуал_ка — персона, якую цягне да абодвух палоў.
  • Асэксуал_ка — персона, якая не адчувае сэксуальную цягу, але можа адчуваць эмацыйную і рамантычную. Ёсць яшчэ арамантыкі, якім не ўласцівыя рамантычныя штукі.
  • Поліамор_ка — персона, якая заводзіць адносіны адразу з некалькімі партнёр_камі.
  • Пансэксуал_ка — персона, якая пры выбары партнёр_кі не засяроджваецца на сэксуальнай і гендарнай ідэнтычнасці.
  • Дэмісэксуал_ка — персона, для якой важная эмацыйная прыхільнасць перад тым, як уключыцца рамантычнае ці сэксуальнае пачуццё.
  • Гетэрасэксуал_ка — персона, якую сэксуальна, рамантычна і эмацыйна прыцягваюць людзі процілеглага полу.
  • А яшчэ ёсць андрасэксуал_кі, гінасэксуал_кі, сколіасэксуал_кі, омнісэксуал_кі, сапіясэксуал_кі ды не толькі (google it!).

Спектр сэксуальнай ідэнтычнасці можа пашырацца ў залежнасці ад таго, як і да каго чалавек адчувае рамантычную прыхільнасць. Напрыклад, гетэранарматыўны чалавек цалкам можа адчуваць гамарамантычныя пачуцці. Сустракаюцца азначэнні кшталту «гетэрарамантычн_ая бісэксуал_ка», «асэксуальн_ая поліамор_ка», «дэмісэксуальн_ая пансэксуал_ка» і яшчэ безліч варыянтаў, што патрэбныя для лепшага разумення ўласнай ідэнтычнасці.

Што такое К+

K+ абазначае «квір і астатнія». К+ дапамагае сабраць разнастайныя гендарныя і сэксуальныя ідэнтычнасці. Уласна «квір» — гэта англійскае слова «queer», якое літаральна азначае «незвычайны» і «дзіўны». Першапачаткова слова было абразлівае, аднак у канцы 1980-х «квір» апрапрыявалі актывіст_кі ў барацьбе за ненарматыўнасць.

Зараз квір — гэта людзі, чыя сэксуальнасць і гендарнае вызначэнне не ўпісваюцца ў рамкі вышэйпералічаных азначэнняў. Важна, што квір не заўсёды датычыцца сэксуальнай ідэнтычнасці наогул. Тэрмін мае і сацыяпалітычныя канатацыі, то-бок гэта спосаб жыцця па-за стэрэатыпамі пра сэксуальнасці, пол, гендар.

«+» (плюс) выкарыстоўваецца для абазначэння разнастайных гендарных ідэнтычнасцяў і сэксуальных арыентацый. Напрыклад, у паўночнаамерыканскай культуры прысутнічае ідэнтычнасць two-spirit — «два духа», якая вызначае трэці пол. Плюс у ЛГБТК+ абазначае ў тым ліку гэтых персон.

Для чаго патрэбная адмысловая абрэвіятура

Адкрытая размова пра ЛГБТК+ — гэта бачнасць і дэмаргіналізацыя супольнасці. Выкарыстанне абрэвіятуры дапамагае артыкуляваць існаванне людзей, гендарная і сэксуальная ідэнтычнасць якіх адрозніваецца ад большасці. Публічнасць ЛГБТК+ дапамагае членам супольнасці адчуваць сувязь з агульным вопытам шматлікай групы людзей.

Гэтая падтрымка вельмі важная, паколькі ЛГБТК+ працягваюць сутыкацца з дыскрымінацыяй ва ўсіх кантэкстах, асабліва часта гэта адбываецца з трансгендарнымі і небінарнымі людзьмі.

Выкарыстанне адзінай тэрміналогіі дапамагае ў выпадку палітычнай абароны. Сацыяльная падтрымка таксама магчымая з агульным вызначэннем групы людзей — напрыклад, гэта актуальна для адстойвання законаў вакол роўнасці і барацьбы з дыскрымінацыяй.

Важна памятаць, што самавызначэнне чальцоў і чалінь супольнасці можа адрознівацца, як і разуменне тэрмінаў ды азначэнняў. Найважнейшымі азначэннямі гендарнай і сэксуальнай ідэнтычнасці аказваюцца тыя, якія людзі прысвойваюць сабе самі. У любой незразумелай сітуацыі лепш удакладніць і перапытаць.


Навошта разбірацца ў тэорыі ЛГБТК+

Веданне тэорыі гендара і сэксуальнасці можа дапамагчы кожн_ай адказаць на пытанне «Як я сябе адчуваю і хто мне падабаецца?». Разуменне гендара і сэксуальнасці робіць людзей больш вольнымі ў сваіх эмацыйных, цялесных і рамантычных праявах.

Чалавечая сэксуальнасць флюідная і можа змяняцца цягам жыцця. Нейкі перыяд чалавек можа адчуваць сябе гетэрасэксуал_кай, потым, напрыклад, бісэксуал_кай, а калісьці — і асэксуал_кай. Гэта ніяк не перасякаецца з гамафобнай рыторыкай пра «ў цябе проста такі перыяд, усё міне, вось пабачыш». 

Флюіднасць сэксуальнасці не азначае, што нейкі з этапаў усведамлення сябе ў канкрэтнай ідэнтычнасці — памылковы або няправільны. Веды пра ЛГБТК+ важныя і для саміх прадстаў_ніц ЛГБТК+. Па-першае, заглыбленне ў топік дапамагае зразумець пра сябе больш. Па-другое, прапампоўка ў тэорыі дапамагае заставацца эмпатычнымі і ўважлівымі да блізкіх. На жаль, дыскрымінацыйныя павевы назіраюцца і ў ЛГБТК+ кам’юніці, трансфобія і біфобія — гэта ўсё яшчэ актуальныя з’явы, якія атручваюць агульныя крыніцы квір-быцця. А фобіі — найчасцей за ўсё спадарожніцы недасведчанасці. 

Больш ведаеш пра сябе — лепш можаш давесці пра свае патрэбы іншым. Больш ведаеш іншых — лепш можаш зразумець іх патрэбы таксама. Гэта ўсё — пра бяспечнасць і справядлівасць для людзей незалежна ад займеннікаў, якія яны для сябе абіраюць.

Знайшлі памылку? Ctrl+Enter